УВОДЗІНЫ
Інтэрнацыянал Фэдэрацыяў Анархістаў (ІФА) – гэта міжнародная арганізацыя анархістычных фэдэрацыяў, якая паводле сваіх прынцыпаў і кшталту дзеяньня зьвязаная з прынцыпамі Першага Інтэрнацыяналу, заснаванага ў Сэн-Ім’ер (Швайцарыя) ў 1872 г.
ІФА змагаецца за:
- зьнішчэньне ўсіх формаў улады і дыскрымінацыі – эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай, рэлігійнай, культурнай або гендэрнай;
- стварэньне вольнага грамадзтва бяз класаў, дзяржаваў або межаў, на прынцыпах анархістычнага фэдэралізму і ўзаемадапамогі.
Дзеяньні ІФА заўжды будуць абапірацца на прынцып прамога дзеяньня безь якога-небудзь парлямэнтарызму або рэфармізму як у тэарэтычнай, гэтак і ў практычнай сфэры.
Фэдэрацыі, што ўваходзяць у ІФА, намагаюцца разьвіць найбольш эфэктыўную салідарнасьць ува ўсіх сфэрах дзеяньня, каапэравацца і каардынаваць між собку любыя ініцыятывы, рэгулярна дапамагаць ІФА і ягонаму Сакратарыяту разьвіваць анархістычны рух на глабальным узроўні. Усе фэдэрацыі аўтаномныя ў сваім разьвіцьці і мэтадах прапаганды.
УСТУПЛЕНЬНЕ І ВЫЙСЬЦЕ З ІНТЭРНАЦЫЯНАЛУ
Каб уступіць у ІФА, фэдэрацыя мусіць:
- уважаць прынцыпы дзеяньня ІФА, вызначаныя Кангрэсамі;
- скласьці сваю просьбу аб уступленьні да Сакратарыяту, які абавязаны данесьці яе да ўсіх сябраў ІФА. Калі ніводная з фэдэрацыяў не заявіць пярэчаньняў напрацягу шасьці месяцаў, фэдэрацыя стаецца паўнапраўным сябрам ІФА, што мусіць быць ухвалена бліжэйшым Кангрэсам. Калі пярэчаньні будуць заяўленыя, толькі Кангрэс можа перагледзець просьбу аб уступленьні.
Сяброўства ў ІФА прадугледжвае аплату ўнёскаў, памер якіх вызначаецца Кангрэсам.
ІФА выказвае пажаданьне існаваньня толькі адной фэдэрацыі ў кожнай краіне. Аднак, не прызнаючы палітычных межаў, вызначаных дзяржавамі, ІФА ўважае магчымасьць сяброўства некалькіх фэдэрацыяў з адной тэрыторыі, пры ўмове што ніўводнай фэдэрацыі-сябра ІФА няма пярэчаньняў.
ІФА прымае сяброўства міжнацыянальных фэдэрацыяў, якія разьвіваюць анархістычны інтэрнацыяналізм і аб’ядноўваюцца паводле геаграфічнага або лінгвістычнага прызнаку.
Калі Сакратарыят будзе мець зьвесткі аб працяглай пацьверджанай бязьдзейнасьці фэдэрацыі-сябра, ён абавязаны інфармаваць пра гэта ўсе фэдэрацыі ІФА. Калі напрацягу шасьці месяцаў не паступіць ніякіх пярэчаньняў ад якой-небудзь фэдэрацыі-сябра, бязьдзейная фэдэрацыя стаецца выключанай з ІФА. Выключэньне мусіць быць адзінагалосна ўхваленае бліжэйшым Кангрэсам. Калі пярэчаньні будуць заяўленыя, толькі Кангрэс можа перагледзець рашэньне аб выключэньні.
Калі дзейнасьць фэдэрацыі будзе адноўленая, гэтая фэдэрацыя можа зноў уступіць у ІФА ў парадку, вызначаным гэтымі прынцыпамі.
У выпадку адсутнасьці якой-небудзь фэдэратыўнай структуры на нацыянальным узроўні, лакальныя групы таксама маюць магчымасьць уступіць у ІФА пры ўмове, што тыя абавязуюцца стварыць фэдэрацыю ў межах тэрыторыі, да якой яны сябе адносяць. Аднак гэтае сяброўства лічыцца ўмоўным, і ІФА захоўвае за сабой права перагледзець яго на Кангрэсе, калі тая дзейнасьць не прывяла да стварэньня фэдэрацыі. Створаная фэдэрацыя мусіць зьвярнуцца ў ІФА з просьбай аб уступленьні.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
ІФА вітае любыя стасункі ўнутры анархістычнага руху, што дапамагаюць у змаганьні супраць любых формаў і структур гвалту (абмен інфармацыяй, салідарнасьць і г.д.) і можа запрашаць дэлегацыі ад іх да ўдзелу ў сваіх паседжаньнях.
КАНГРЭСЫ
Кангрэсы ІФА зьбіраюцца кожныя тры гады. Кангрэс адзінагалосна прымае рашэньні аб накірунку і кшталту дзеяньня ІФА.
За год да Кангрэсу адбываецца паседжаньне Сакратарыяту і асобаў, якія адказныя за міжнародныя сувязі ў розных фэдэрацыях-сябрах, якое вызначае парадак, дату і месца правядзеньня Кангрэсу.
Кангрэс абмяркоўвае прапановы па арганізацыі і адзінагалосна вызначае фэдэрацыю, на якую будуць ускладзеныя абавязкі Сакратарыяту ІФА, задачай якога зьяўляецца ажыцьцяўленьне рашэньняў Кангрэсу.
САКРАТАРЫЯТ
Сакратарыят мае абавязкам клапаціцца аб стасунках з асобамі, якія адказныя за інфармацыйны абмен у кожнай фэдэрацыі. Яны павінны зьбірацца ўсе разам у межах той ці іншай геаграфічнай вобласьці кожныя шэсьць месяцаў.
Сакратарыят прадстаўляе ІФА і закліканы працаваць на ягоныя ўплывовасьць і разьвіцьцё.
Больш за тое, ён мусіць:
- стымуляваць кантакты і дыскусіі ў межах ІФА;
- паведамляць аб выпадках, калі неабходная міжнародная дапамога;
- выдаваць бюлетэнь Інтэрнацыяналу – палітычны і дыскусійны орган арганізацыі;
- забясьпечваць выданьне і распаўсюд матэрыялаў, што тычацца рашэньняў і дзейнасьці ІФА;
- даваць справаздачу аб сваёй дзейнасьці і выкананьні сваіх рашэньняў.
Сакратарыят самараспускаецца перад наступным Кангрэсам.
ВЫКАНАНЬНЕ ПРЫНЦЫПАЎ
Парушэньне вышэй адзначаных практычных або этычных прынцыпаў цягне за сабой фактычнае выключэньне з ІФА, што будзе ўхвалена наступным Кангрэсам.
УНЯСЕНЬНЕ ЗЬМЕНАЎ У ПРЫНЦЫПЫ
Любыя прапановы, што тычацца зьменаў прынцыпаў Інтэрнацыяналу, мусяць быць прадстаўленыя ўсім фэдэрацыям-сябрам ІФА, не пазьней як за год да таго, як яны будуць разгледжаныя на Кангрэсе. |